Дні энергіі на Навагрудчыне: ад збору смецця да сонечнай электрастанцыі

посещение электростанции в Новогрудке

З упэўненасцю можна сказаць, што ў справе развіцця аднаўляльных крыніц энергіі Навагрудак на некалькі крокаў наперадзе іншых рэгіёнаў. Навагрудскім райвыканкамам сумесна з Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі рэалізуецца шэраг міжнародных энергаэфектыўных праектаў. У рамках аднаго з такіх праектаў «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Навагрудскім райвыканкамам, у Навагрудскім раёне прайшлі Дні энергіі.

Падчас Дзён энергіі адбыўся шэраг мерапрыемстваў па прапагандзе энергаэфектыўнасці, энергазберажэння і асобнага збору смецця. Мэтай мерапрыемстваў з’яўляецца павышэнне інфармаванасці грамадзян рознага ўзросту аб сучасных спосабах больш эфектыўнага выкарыстання энергіі, шырокага прыцягнення аднаўляльных крыніц энергіі і процідзеяння глабальным змяненням клімату. Гэта яшчэ адна магчымасць, каб усім разам задумацца над перспектывамі вытворчасці і спажывання энергіі як у сябе ў горадзе, так і ў свеце.

Адным з запамінальных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дзён энергіі, тэматычная экскурсія на сонечную станцыю ў вёску Ляхавічы.

Незвычайная экскурсія для юных мастакоў Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў і Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, пераможцаў раённых конкурсаў і праектаў па энергазберажэнні, удзельнікаў агітбрыгад, прызёраў раённага конкурсу «Энергамарафон-2017» на сонечную станцыю была арганізавана ўпершыню.

Дзяцей на незвычайным аб’екце сустрэў дырэктар ТАА «ВетраВат» Валерый Мікалаевіч Аляксандраў, які расказаў прысутным пра асаблівасці будаўніцтва і абслугоўвання першай у нашым раёне сонечнай электрастанцыі. Сонечная электрастанцыя, як і ветраэнергетычныя ўстаноўкі, дазваляе  выпрацоўваць танную электраэнергію з меншымі выдаткамі, спрыяе развіццю эканомікі, паляпшэнню экалагічнай сітуацыі ў раёне.

Сустрэча з дзецьмі пра ветраэнергію

Будаўніцтва сонечнай электрастанцыі стала першым у нашым раёне праектам па выкарыстанні энергіі сонца. Яго рэалізацыяй займалася ТАА «ВетраВат» – найбольш актыўны інвестар у Навагрудскім раёне ў галіне ветраэнергетыкі. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступіла ТАА «Экстрарэсурс», якое мае практычны вопыт рэалізацыі падобных праектаў у краінах СНД і Усходняй Еўропы. Для будаўніцтва станцыі быў выдзелены зямельны ўчастак памерам 2,6706 га, які не выкарыстоўваўся ў гаспадарчай дзейнасці. Фактычна за 9 месяцаў, замест запланаваных 18, тут была пабудавана сонечная электрастанцыя магутнасцю 1,25 МВт. Пры гэтым аб’ём прамых замежных інвестыцый склаў 1265000 долараў ЗША.

Першыя «сонечныя» кілаваты на новай электрастанцыі былі атрыманы ў снежні мінулага года, а 19 студзеня 2017 года быў падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю «зялёнага» аб’екта энергетыкі. Зараз электрастанцыя працуе ў тэставым рэжыме і яе дзейнасць будзе эфектыўнай і эканамічна выгаднай.

Экскурсія, безумоўна, для дзяцей стала цікавай і запамінальнай падзеяй. Падчас наведвання сонечнай станцыі хлопчыкі і дзяўчынкі цікавіліся развіццём аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне, пытаннямі энергазберажэння, а таксама магчымымі экалагічнымі праектамі ў нашым раёне ў будучым.

У рамках рэалізацыі праекта «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» на базе Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа быў створаны адукацыйна- кансультацыйны цэнтр для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне экалогіі і аднаўляльных крыніц энергіі, дзе будуць праводзіцца заняткі па тэме энергаэфектыўнасці і аднаўляльных крыніц энергіі. У рамках праекта ўжо распрацоўваюцца навучальныя праграмы для новай спецыяльнасці па аднаўляльных крыніцах энергіі, якія хутка з’явяцца ў каледжы.

 Першым мерапрыемствам, якое прайшло ў кансультацыйным цэнтры, стаў семінар, прысвечаны Сусветнаму дню ветру, удзел у якім прынялі ўдзельнікі прэс-тура. Мерапрыемства праводзілася сумесна з праектам ПРААН «Ліквідацыя бар’ераў развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь».

Вопытам удзелу ў міжнародных энергаэфектыўных праектах падзяліліся намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Алена Леанідаўна Сялевіч і менеджар праекта «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» Уладзімір Уладзіміравіч Кузьміч.

– З упэўненасцю можна сказаць, што ў справе развіцця аднаўляльных крыніц энергіі Навагрудак на некалькі крокаў наперадзе іншых рэгіёнаў, – адзначыў падчас выступлення мэнеджар праекта У.У. Кузьміч. – Праект павінен стаць прыкладам таго, як пры актыўным удзеле мясцовых улад могуць рэалізоўвацца новыя ідэі, з’яўляюцца новыя эканамічныя магчымасці, ствараюцца працоўныя месцы, паляпшаецца ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва.

Рэалізацыя праекта, безумоўна, будзе і надалей спрыяць устойліваму эканамічнаму развіццю раёна і вобласці, паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя, эфектыўнаму супрацоўніцтву ўлады і бізнеса, а таксама папулярызацыі аднаўляльных крыніц энергіі ў іншых рэгіёнах. Разам з тым праект «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» прадугледжвае падрыхтоўку тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў (ТЭА), якія будуць выкарыстаны ў якасці прапаноў для патэнцыйных інвестараў.

Акция "Собери раздельно"

Куды падзець смецце? Гэтае пытанне становіцца ўсё больш актуальным. Удзельнікі гарадской акцыі «Збяры смецце паасобна» паспрабавалі адказаць на яго.

Правілы паасобнага збору смецця нагадалі юным навагрудчанам, вучням сярэдняй школы №7 г., начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А. С. Калюк, першы сакратар РК ГА «БРСМ» В.П. Шнігір, сакратар першаснай арганізацыі РА ГА «БРСМ» РУП ЖКГ А.У. Шырокі. Валанцёры Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа падчас акцыі раздавалі інфармацыйныя лістоўкі, давалі практычныя парады і прапаноўвалі экалагічную літаратуру.

Жыхары горада за год выкідваюць каля 18 тысяч тон смецця, 80% ад якога складаюць цвёрдыя бытавыя адходы. Яны пасля перапрацоўкі могуць быць выкарыстаны замест прыродных рэсурсаў. А сабраўшы 30 кг макулатуры, можна выратаваць ад высечкі адно дрэва.

Пра тое, што робяць з адходамі на станцыі сартавання цвёрдых бытавых адходаў і як арганізаваны паасобны збор смецця на Навагрудчыне ,расказаў расказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Калюк.

–У горадзе ўстаноўлена 200 новых сучасных кантэйнераў для особнага збору смецця. Аб прызначэнні кожнага кантэйнера гаворыць яго колер і спецыяльны надпіс. Для арганізацыі больш эфектыўнай працы па зборы другаснай сыравіны было вырашана наладзіць дзейнасць перасоўнага прыёмнага пункта. Для яго працы ў кожным мікрараёне горада падабраны пляцоўкі, таксама арганізаваны выезд і ў сельскія саветы.

У рамках акцыі валанцёры Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа правялі з дзецьмі навучальныя віктарыны і конкурсы. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.

выступление агитбригады

Цікавым і змястоўным мерапрыемствам, якое прайшло ў рамках Дзён энергіі, было выступленне-рэйд рэйд агітацыйнай брыгады «Маячок» Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па ўстановах адукацыі горада. Сустрэчы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія наведваюць прышкольныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем і лагеры працы і адпачынку праходзілі пад дэвізам «Лета – пара адкрыццяў». Удзельнікі агітбрыгады праводзілі з дзецьміі інтэрактыўныя гульні, абмяркоўвалі правілы і нормы паводзін па энергазберажэнні, у тэатралізаванай форме расказалі дзецям пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, такіх як біяэнергетыка, гідраэнергетыка, сонечная энергія, ветраэнергетыка.

конкурс рисунков в Новогрудке

Таксама ў рамках Дзён энергіі ў Навагрудскай раённай бібліятэцы працавала выстаўка літаратуры, дзіцячых малюнкаў і вырабаў з другаснай сыравіны «Я, энергія і свет», «Адкрый свет энергазберажэння», «Патрэбнае з непатрэбнага». Вучні Навагрудскай школы мастацтваў прынялі ўдзел у творчым плэнеры па тэме «Нашы дзеці за чыстае паветра», «Дзеці для дарослых».

У завяршэнне мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дзён энергіі,самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.

 Крыніца: газета "Новае жыццё"